Рыбоводство Беларуси
Четверг, 19.10.2017, 18:32
ГлавнаяРегистрацияВход Приветствую Вас Гость | RSS

Новости

Форма входа

Меню сайта

Наш опрос
Как часто вы покупаете живую рыбу для приготовления пищи
Всего ответов: 270

Погода

Главная » 2017 » Октябрь » 12 » Чырвоная Слабада: прыцягненне вадой, зямлі і надзямелля
08:27
Чырвоная Слабада: прыцягненне вадой, зямлі і надзямелля

Стагоддзе з назваю Чырвоная Слабада?

Сённяшнюю назву гарпасёлак Чырвоная Слабада Салігорскага раёна атрымаў амаль стагоддзе таму. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі многія населеныя пункты перайменаваны. Як і старажытнае мястэчка Вызна. 


У Вялікім Княстве Літоўскім паселішча належала слуцкім князям Алелькавічам. Амаль два стагоддзі валодалі ім магнаты Радзівілы. Пазней гаспадарылі тут заможныя памешчыкі Вітгенштэйны і Гагенлоэ. 

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай мястэчка стала цэнтрам воласці Слуцкага павета Мінскай губерніі Расійскай імперыі. Дзейнічалі народнае вучылішча, пачатковая школа. Адкрылася бальніца. Цэнтр упрыгожыла Свята-Мікалаеўская царква. Некалькі разоў на год ладзіліся кірмашы. Сяляне раскарчоўвалі ляды, займаліся працай на зямлі.  

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі тут створана — адна з першых на Случчыне — калектыўная гаспадарка. Вызна пасля перайменавання ў Чырвоную Слабаду атрымала статус раённага цэнтра і была ім да 1959 года. У 1938-м стала гарпасёлкам. 

Паштальён Наталля МІХЕД і начальнік паштовага аддзялення Алена ЗУБРЫЦКАЯ.


З першых дзён нямецка-фашысцкай акупацыі ў навакольных мясцінах актывізаваўся партызанскі рух. Народныя мсціўцы восенню 1942 года разграмілі варожы гарнізон у Чырвонай Слабадзе. Гітлераўцы расстралялі амаль паўтысячы мірных жыхароў гарпасёлка. У брацкай магіле навечна пакояцца 74 савецкія воіны і партызаны, што загінулі пры вызваленні райцэнтра. На ўшанаванне памяці землякоў, якія аддалі сваё жыццё ў барацьбе з лютым ворагам, усталяваны Курган Славы.

У пасляваенныя гады аднавіў дзейнасць саўгас “Чырвонаслабодскі”. У філіяле Старобінскага прамкамбіната наладзілася вытворчасць шыферу, блокаў для падмуркаў, сталярных вырабаў. Адкрыліся хлебазавод, плодакансервавы завод, спецыялізаванае аддзяленне сельгастэхнікі, бальніца, сярэдняя школа і  школа-інтэрнат. 

Паўвека таму на Палессі пачалася шырокамаштабная меліярацыя. На былых балотах у пойме случанскіх прытокаў Морачы і Вызенкі на тысячах гектараў пабудаваны штучныя вадаёмы аднаго з найбольш буйных у рэспубліцы рыбгасаў “Чырвоная Слабада”. Эфектыўна працуюць у гарпасёлку ПМК-9 ААТ “Салігорскводбуд”, ААТ “Салігорскі райаграсэрвіс”,   гандлёвы ўчастак Салігорскага раённага спажывецкага таварыства, лясгас Старобінскага лясніцтва. 

Майстар участка ААТ “Рыбгас “Чырвоная Слабада” Віталь САНІКОВІЧ і рыбавод Віктар ГАНІЧ.


Актыўна вядзецца будаўніцтва жылля, добраўпарадкоўваюцца вуліцы, пабудаваны праваслаўны храм Георгія Магілёўскага і купель ля святой крыніцы. Ушчыльную да горада падступаюць салігорскія шахты.

Класік беларускай літаратуры Уладзімір Караткевіч у эсэ “Дыяментавы горад” пісаў, што “гарады, як і некаторыя людзі, чакаюць свайго адкрыцця табой”. Для майго адкрыцця гарпасёлка Чырвоная Слабада, што ў двух дзясятках кіламетраў ад Салігорска, выпаў сонечны вераснёўскі дзень. Хлебныя нівы яшчэ сагравала адыходзячае летняе цяпло. На бульбяных палетках кіпела праца. Густа растаўленыя на полі мяхі з клубнямі сведчылі пра ўрадлівы год на другі хлеб, чаго нельга сказаць пра садавіну. Вясновыя замаразкі выпалі на цвіценне садоў. Звычайна кансервавы завод ледзьве паспяваў перапрацоўваць багаты ўраджай. Сёлета сыравіну даводзіцца закупаць у суседніх рэгіёнах. 

Прыхапілі майскія халады і збажыну. Асабліва яравы клін. Пяць тысяч гектараў займалі збожжавыя ў саўгасе “Чырвонаслабодскі”, які стаў падсобнай гаспадаркай ААТ “Салігорскі райаграсэрвіс”. Летась таварыства, у якім чатыры сотні працуючых, узначаліў Юрый Цішкевіч. Працоўны дзень Юрыя Міхайлавіча ўшчыльнены: акрамя пасады дырэктара акцыянернага таварыства, кіруе і падсобнай гаспадаркай. Сустрэцца з ім не выйшла. Ад галоўнага эканаміста Іны Максіменка даведаўся, што дзевяць зернеўборачных камбайнаў намалацілі дзесяць тысяч тон збажыны. Спадзяваліся на большае. Атрымалася, як у прымаўцы: “Калі няўрод, дык і ніўмалот”. Асобныя ўчасткі, якія менш пацярпелі ад стыхіі, далі па сорак і болей цэнтнераў збажыны на круг. Найбольш намалацілі зерня камбайнеры Мікалай Новік з памочнікам Аляксандрам Валюшам, Аляксей Забродскі з Міхаілам Шулякоўскім і браты Генадзь і Іван Кісялёвы. Дэлегацыя гаспадаркі прыме ўдзел у абласным свяце “Дажынкі” ў Смалявічах. 
 

На прыёме ва ўрача-педыятра Людмілы КЛЮЧАНОВІЧ
пацыент Яраслаў ЧЫГІР.
Загадчыца гарпасялковай бальніцы Іна КУР’ЯН.

Калаўрот сялянскіх спраў не сціхае. На ажыўленых вуліцах Чырвонай Слабады мільгаюць легкавікі, зычна гудуць рухавікі магутных трактароў з напоўненымі даверху прычэпамі зялёнай масы. Хутка пачнуць убіраць кукурузу на сілас. На ўмоўную галаву жывёлы ўжо нарыхтавана звыш 13 кармавых адзінак. Усяго ў гаспадарцы звыш 4700 галоў буйной рагатай жывёлы. Амаль трэцяя частка – дойны статак. 

БОЛЬШАСЦЬ жывёлаводаў – людзі сталага ўзросту. Ад старшыні сельвыканкама Алены Шкурко пачуў, што многія вясковыя сем’і перабраліся ў Чырвоную Слабаду, вёскі Вялікі Рожан і Першамайск. З дваццаці населеных пунктаў сельсавета пятая частка вось-вось знікне. Па аднаму-два пенсіянеры дажываюць свой век у Вішнёўцы, Белым Балоце, Зацішшы, Шыбіне, Язвіне, Дуброўцы. Ці ёсць каму замяніць старэйшых на палях і фермах? У старшакласнікаў Чырвонаслабодскай сярэдняй школы пацікавіўся, хто з іх збіраецца пасля школы працаваць на зямлі? Усе мрояць горадам. 

У былыя гады ў сельскіх школах вучылі працоўным прафесіям. Не ўсе станавіліся механізатарамі ці жывёлаводамі, але папаўняліся моладдзю калектывы. Цяпер і ўмовы працы значна лепшыя, і жыллём, як правіла, забяспечваюцца маладыя, але не толькі на Салігоршчыне няма чаргі ў даяркі ці трактарысты. 

Прыемна здзівіў дырэктар ААТ “Рыбгас “Чырвоная Слабада” Дзмітрый Шэль, які некалькі тыдняў таму ў другі раз узначаліў калектыў. З Дзмітрыем Аляксандравічам адправіліся аглядаць гаспадарку. Сажалкі пачынаюцца адразу за Чырвонай Слабадою і мяжуюць з ганцавіцкім рыбгасам “Лактышы”. 


Дырэктар ААТ “Рыбгас “Чырвоная Слабада” Дзмітрый ШЭЛЬ.


Паўвека таму гэта быў глухі балотны куток, куды не ступала нага чалавека. Меліяратары праклалі каналы, насыпалі дамбы, збудавалі штучныя вадасховішчы. Рыбгас – адзін з найбольшых у рэспубліцы. Карпа, белага амура, таўсталобіка, шчупака на аўтамашынах развозяць у Мінск, Салігорск, Слуцк, Клецк і іншыя гарады сталічнай вобласці. На спажывецкім рынку моцная канкурэнцыя. Папярэднія кіраўнікі рыбгаса захапіліся крэдытамі. Пазычылі ў банку грошы, а пра вяртанне мала дбалі. У Дзмітрыя Аляксандравіча прадумана тактыка вываду прадпрыемства з прарыву. Давядзецца пайсці і на аптымізацыю штату. Зараз у калектыве паўтары сотні працуючых. 

У пяцітысячным па насельніцтве гарпасёлку для дзяцей ёсць музычная і спартыўная школы, Дом творчасці, школа мастацтваў. Ідэальныя ўмовы для гарманічнага выхавання. І ўсё гэта побач. Нікуды не трэба дабірацца на транспарце. І сям’я Сяргея Чадовіча памяняла сталічную кватэру на дом у Чырвонай Слабадзе і занялася фермерствам. Вакол гарпасёлка дзясятак фермерскіх гаспадарак. У былыя гады мне даводзілася сустракацца з фермерскай сям’ёй Скалабанаў, якая вырошчвае гародніну і бульбу. 

Урок інфарматыкі ў 9-м класе праводзіць педагог Марыя ЦУБА.


Але не ўсіх вабіць праца на зямлі. Вясною тры сотні жыхароў гарпасёлка не мелі пэўных заняткаў. Вядома, гэта  праблема на кантролі ў раённага кіраўніцтва. На працягу мая працаўладкаваннем займалася спецыяльная камісія, дзейнасць якой кантралявала старшыня райсавета дэпутатаў Лідзія Клішэвіч. У сельвыканкам запрашалі кіраўнікоў прадпрыемстваў. Дванаццаць чалавек атрымалі працу ў райаграсэрвісе, амаль столькі ж – у ПМК-9. Многіх прынялі прыватныя фірмы. Індывідуальны прадпрымальнік Андрэй Заяц адкрыў гіпермаркет, дзе занята 60 чалавек. Дзясятак працоўных месцаў з’явілася на новай аўтазапраўцы “Белнафта”.


Cтаршыня сельвыканкама Алена ШКУРКО.


— Праблему вырашылі, — задаволена старшыня сельвыканкама Алена Шкурко. — Усе, хто меў жаданне, атрымалі працу. Не толькі пра мясцовых жыхароў дбаем. Штогод каля сотні чалавек з іншых рэгіёнаў Беларусі, а таксама з Расіі, Украіны, Казахстана ўліваюцца ў гарпасёлак. Прымаем, дапамагаем. 

Заклапочана Алена Рыгораўна, што пакуль не адрамантавана пасялковая бальніца, карпусы якой патрабуюць неадкладнага рамонту. Спадзяецца, што другая спецыялізаваная бальніца будзе пераведзена ў іншы рэгіён вобласці. Хвалююць яе фінансавыя праблемы кансервавага завода, дзе больш за паўсотню працуючых. Для мадэрнізацыі прадпрыемства неабходны сродкі. Кіраўніцтва Салігорскага раённага спажывецкага таварыства вышуквае варыянты аздараўлення вытворчасці. 


За прылаўкам новага магазіна прадавец Марыя ГАНІЧ.


Многія жыхары гарпасёлка працуюць у забоях Чырвонаслабодскага рудніка, які некалькі гадоў таму пачаў дзейнічаць. Маладыя сем’і будуюцца на новых вуліцах. У сельсавеце няма чаргі на ўчасткі для індывідуальнага будаўніцтва. Кожны, хто мае права, атрымлівае яго. За мінулы год больш дзясятка сямей перасяліліся ў новыя дамы. Сваімі рукамі Генадзь Ярмоленка разам з сынам-халасцяком Дзмітрыем, які працуе ў ПМК-9, пабудавалі адмысловы катэдж. Шмат прыгожых дамоў паўстала за апошнія дзесяцігоддзі. Кожнага жыхара ведае старшыня сельвыканкама, якая тут нарадзілася і вырасла. 

ТРЭБА было бачыць, як цёпла сустракаў на сваім мурожным дворыку нас з Аленай Рыгораўнай дзевяностадвухгадовы яе школьны настаўнік Абрам Фарфель. Прывітаўся і адразу падзякаваў за адрамантаваны ганак. З аўдавелым франтавіком мы прыселі пад разгалістай яблыняй, якую Абрам Ільіч садзіў з сынамі Уладзімірам і Міхаілам. Дарэчы, Уладзімір быў першым паслом Беларусі ў Ізраілі. З гэтага дворыка ў першыя дні вайны падлеткам пакінуў бацькоўскі парог пятнаццацігадовы Абрам Фарфель. З равеснікамі-камсамольцамі пайшоў за адступаючай Чырвонай Арміяй. 

Ветэран вайны і працы Абрам ФАРФЕЛЬ


На пачатку 1943 года Абрама Фарфеля, якому яшчэ не споўнілася васемнаццаць гадоў, прызвалі ў армію. Першае баявое хрышчэнне прымаў на Волхаўскім фронце каля Пскова. У баі каля станцыі Хвойная Наўгародскай вобласці атрымаў асколачнае раненне. Залячыў рану на назе і вярнуўся ў строй. У адным з баёў зноў яго параніла. Доўга лячыўся ў Казанскім ваенным шпіталі. Атрымаў другую групу інваліднасці і працаваў на Казанскім ваенным заводзе. Паступіў у Цюменскі двухгадовы настаўніцкі інстытут, дзе і сустрэў Перамогу. 

З дыпломам настаўніка геаграфіі прымчаў дамоў. З горыччу даведаўся, што ўсіх родных расстралялі фашысты. Амаль тысячу мірных жыхароў Чырвонай Слабады знішчылі нелюдзі. 

Трыццаць дзевяць гадоў настаўнічаў Абрам Ільіч. Яго ведае амаль кожны жыхар Чырвонай Слабады.  

Адзінаццацікласнікі Чырвонаслабодскай сярэдняй школы.


У ШКОЛЬНЫМ музеі праходзяць урокі памяці. Шэфствуюць навучэнцы над брацкай магілай савецкіх воінаў і партызан у цэнтры гарпасёлка. З урока міру пачаўся новы навучальны год. Амаль палова педагогаў школы – былыя выхаванцы. Сёлета калектыў папоўніўся двума маладымі настаўнікамі, выпускнікамі школы. Пасля атрымання адукацыі вяртаюцца дамоў урачамі, спецыялістамі сельскай гаспадаркі. Маладыя сем’і поўняцца немаўлятамі. Трыццаць пятым нованароджаным зарэгістраваны на пачатку восені Максімка Кісялёў. А да канца года чакаецца паўсотні хлопчыкаў і дзяўчынак. Ім расці, сталець і ствараць будучае старажытнага мястэчка. 

Такою адкрыла для мяне Чырвоную Слабаду чарговая вандроўка.

Фота аўтара

Салігорскі раён

Уладзiмiр СУБАТ

Уладзiмiр СУБАТ

Просмотров: 13 | Добавил: fish-rb | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Добавлять комментарии могут только зарегистрированные пользователи.
[ Регистрация | Вход ]
Класс

Календарь
«  Октябрь 2017  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
      1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031

Друзья сайта
  • Форум о рыбоводстве
  • Рыбоводство
  • Фекорд
  • Форум Зона-фиш
  • Рыбоводство в России
  • Строим УЗВ
  • Водные ресурсы Украины

  • Статистика

    Онлайн всего: 1
    Гостей: 1
    Пользователей: 0

    Яндекс стат
    Яндекс.Метрика
    Счетчик тИЦ и PR

    Copyright MyCorp © 2017